Старадарожскі раён

На пачатак 2023 года насельніцтва Старадарожскага раёна складала 19481 чалавек, у тым ліку гарадское насельніцтва 10972, сельскае - 8509. Старадарожскі раён займае тэрыторыю - 1371 км2 Горад Старыя Дарогі размешчаны ў 150 км на поўдзень ад сталіцы рэспублікі. Працягласць раёна з поўначы на поўдзень складае 44 км; з захаду на ўсход - 35 км. На поўначы раён мяжуе з Пухавіцкім, паўночным усходзе - Асіповіцкім, усходзе - Глускім, поўдні - Любанскім, захадзе - Слуцкім раёнамі. Раённым цэнтрам з'яўляецца горад Старыя Дарогі. У межах раёна праходзяць 4 транспартныя магістралі рэспубліканскага значэння. Гэта ўчастак чыгункі Салігорск-Асіповічы, 3 участкі шашы: мяжа Расійскай Федэрацыі-Крычаў-Бабруйск-Івацэвічы, Асіповічы-Баранавічы і Мар'іна Горка-Старыя Дарогі. Тэрыторыя раёна ў межах Цэнтральна бярэзінскай раўніны. Паверхня плоскахвалістая. Пераважаюць вышыні 150 - 170 м, максімальная 201 м (каля в. Падароссе), мінімальная 142 м (зрэз ракі Арэса пры ўпадзенні ў Любанскае вадасховішча). Найбуйнейшыя рэкі: Арэса з Салонам і Арыжня (прыток Пцічы). Гушчыня натуральнай рачной сеткі 0,45 км/км2. Створаны вадасховішчы Ляўкі (на Пцічы) і Любанскае (на Арэсе), 5-буйных меліярацыйных каналаў. Глебы с.-г. угоддзяў тарфяна-балотныя (34,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (30,1%), дзярнова-падзолістыя (22%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,1%) і інш. Лясы (хваёвыя , бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя) займаюць 51% тэрыторыі, балоты (пераважна нізінныя) - 1,3%. З паляўніча-прамысловых жывёл водзяцца казуля, кабан, заяц-бяляк, заяц-русак, лісіца, куніца, цецярук, рабчык, балотная дзічына і інш. У раёне біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння Фаліцкі Мох. З ахоўных жывёл у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь занесены арол-карлік, змеяед; з раслін -фіялка топяная, зубянка клубненосная, шпажнік чарапічасты, пыльцеголовник чырвоны, менегация прадзіраўленая. Карысныя выкапні прадстаўлены радовішчамі торфу, будаўнічых пяскоў, пясчана-жвіровага матэрыялу, глін і суглінкаў; маюцца крыніцы мінеральных вод.

• Чырвоная кніга Старадарожчыны

• Кнігі па краязнаўстве

• Героі Старадарожчыны

• Сем цудаў Старадарожчыны

Падпішыцеся на нашы навіны